Віртуальная экспазіцыя прысвечана жыццёваму і творчаму шляху беларускага паэта і перакладчыка, ураджэнца Хоцімскага раёна, Пятра Прыходзька.
У беларускую літаратуру Пятро Прыходзька прыйшоў паэтам-франтавіком і франтавымі дарогамі прайшоў праз усю Вялікую Айчынную вайну. Удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, на Курскай дузе, у вызваленні Беларусі, Польшчы, у баях за Берлін, за вызваленне Прагі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя на фронце, Пётр Фёдаравіч узнагароджаны многімі ардэнамі і медалямі.
З-пад пяра паэта-франтавіка нарадзіліся вершы, паэмы, балады, нарысы. Выдаў ён і некалькі кніг для дзяцей, працаваў як перакладчык. У 1985 годзе за зборнік "Парог памяці" Пятро Прыходзька быў удастоены літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя Аркадзя Куляшова. Да самага канца свайго плённага і доўгага жыцця заставаўся Пятро Прыходзька верным свайму творчаму крэда – апяваць родную старонку, сваіх землякоў – беларусаў. І гэта сапраўды так. У 2001 годзе выйшла паэма “Дар князёўны” пра паходжанне Хоцімска і будаўніцтва праваслаўнага храма яшчэ ў 15 стагоддзі, магілёўскім кампазітарам Міколай Яцковым на музыку пакладзена некалькі вершаў.
У цэнтральнай бібліятэцы Хоцімска фарміруецца калекцыя кніг з аўтографам пісьменніка-земляка.
Віртуальная экспазіцыі дае магчымасць атрымання інфармацыі шырокаму колу карыстальнікаў. У дадзенага рэсурса не толькі інфармацыйна-асветніцкая мэта. Яго місія заключаецца ў захаванні памяці і папулярызацыі культурнай спадчыны Пятра Прыходзька.
Сярод раздзелаў: біяграфія, творчы шлях і літаратурная дзейнасць паэта-земляка; фотаздымкі – Пятро Прыходзька ў ваенны час, у коле сям'і, з пісьменнікамі і чытачамі. Прадстаулены літаратурныя творы паэта з спасылкамі на поўнатэкставыя матэрыялы, выдадзеныя ў розны час, бібліяграфічныя крыніцы.