Альшоў – малая радзіма паэта

Куды б нi йшоў у свет багаты, —
З усiх краёў, з усiх дарог
У мiлы кут, да роднай хаты
Вяртаўся я на свой парог.
«На карце Беларусі ў вярхоўі ракі Бесядзь, што бярэ пачатак у нетрах Смаленшчыны, абапал яе раскінуўся Хоцімск – былое правінцыйнае мястэчка. Тут у ціхім кутку беларускай зямлі, далёка ад чыгунак, паміж глухіх балот і лясоў, амаль у прытык да гарадскога пасёлка прытулілася мая родная вёска Альшоў…»
«У кожнага ў сваім ёсць краі
Куток, адкуль у свет пайшоў.
Стаіць ля Хоцімска на ўскраі
Там вёска нашая Альшоў».

(з верша «У вечным паходзе»)

«Стаяла вёска наша ля мяжы,
Што прымыкае да зямлі Смаленскай.
Там, па-над Бесяддзю, стрыглі стрыжы
Тугімі крыльцамі маё маленства.

За той мяжою маміна сястра
Сустрэла хлопца — залатыя рукі.
І я да цёткі ад свайго двара
Бег басяком праз лес на хутар рускі».

(з верша «На мяжы з Расіяй»)

«Вёска Альшоў стаіць каля самага Хоцімска, непадалёку ад ціхай Бесядзі. Людзі ў ёй жылі бедна, у маленькіх хатках з саламянымі стрэхамі, што туліліся адна да адной. Зямлі было мала. І многія займаліся сваім промыслам – ткалі рэшаты, рабілі гліняныя міскі, гаршкі, сундукі, каб потым прадаць усё гэта на кірмашы і купіць хлеба…»
Вёска Альшоў. Самы стары будынак. 1905 г
«І я свой кут успомню добрым словам,
Дзе ручайком маленства ў луг цякло.
І вёску хтось назваў маю Альшовам —
Таму мо, што альхі тут шмат было.

Але не ў назве асаблівасць вёскі,
Даўно, калі гандлёвы шлях узнік,
Яе сяляне ўздоўж сваёй палоскі
Пабудавалі Хоцімску ўпрытык».

(з верша «У цяні прыбеседскіх бяроз»)

Мой родны дом
Мой родны дом – мая зямля,
Мая любімая старонка.
Я зблізку бачу і здаля
Сваю равесніцу – сасонку.

Яна над Бесяддзю шуміць
І ў небе хмарку падпірае.
Ф чайка ў лузе просіць піць,
Лунае песня па-над краем.

Тут не адна цвіла вясна,
Тут не адна гула завея.
І не сасонка ўжо – сасна
Сваё ля дому зерне сее.
Прыходзьце ж да маёй сасны
Лясам і травам пакланіцца,
Яна ў мае ўплятала сны
Вясною кожнай па галінцы.

Вас запрашаю я ў свой дом –
Усіх, хто жыць у дружбе хоча.
Хай вам прываблівым святлом
Агеньчык мой заззяе ноччу.

Я засцялю вам стол, сябры,
Пастаўлю к чаю мёду міску.
Я тут з дзіцячае пары
Навечна атрымаў прапіску

3.ІХ.79 г.

Родныя мясціны паэта-земляка
«Хоць Хоцімск мой —
Яшчэ не горад, —
Пасёлак толькі гарадскі,
Ды рады я, што жыць без гора
І без вайны —
Ўзяў курс такі.
Тут свій шануюць людзі побыт,
Свій родны край, сябе саміх…
І я заўжды быў з імі побач
На ўсіх дарогах баявых.

Я зноўку з імі ў ясны ранак
Па сіняй крочу старане.
І бераг Бесядзі пясчаны
Цалуе хвалямі мяне».

(з верша «У раённым гарадку»)

Тэма радзімы займала вядучае месца ў паэзii П.Прыходзькі. Мясціны дзяцінства — самыя непаўторныя і прыгожыя.