Пятро (Пётр Фёдаравіч) Прыходзька нарадзіўся 25.02.1920 г. у вёсцы Альшоў Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У 1936 г. працаваў кіраўніком спраў Хоцімскага райкама камсамола. Пасля заканчэння Магілеўскай газетнай партыйнай школы (1938) — адказны сакратар хоцімскай раённай газеты «Калгасная звязда».
У 1939 г., пасля заканчэння Хоцімскай сярэдняй школы, паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М.Кірава ў Мінску. У 1940 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, на Курскай дузе, у вызваленні Беларусі, Польшчы, у баях за Берлін, за вызваленне Прагі. У пасляванны час (з 1947) працаваў у акруговай газеце «Во славу Родины» (Мінск), іншых ваенных газетах. У 1953 г. дэмабілізаваны.
У 1956 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў у часопісе «Беларусь» (1953-1954), газетах «Звязда» (1956-1957), «Літаратура і мастацтва» (1957-1961), на мінскай студыі дакументальных фільмаў (1961-1966). У 1967-1971 гг. — рэдактар выдавецтва «Беларусь», у 1972-1979 гг. — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Першы верш надрукаваў у 1936 г. (хоцімская раённая газета «Калгасная звязда»), у рэспубліканскім друку выступіў у 1937 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951), «Ранак над Эльбай» (1952), «Пасля развітання» (1958), «Цёплы каравай» (1960), «Вішнёвы агонь» (1963), «Сонца раней узышло» (вершы і паэмы, 1967), «Калінавыя зоры» (вершы і паэма, 1969), «Прызнанне: Выбранае» (1970), «Не здадзеныя вышыні» (вершы і паэма, 1972), «На пераправе» (вершы і паэмы, 1974), «Лірыка» (1975), «Плацдарм» (вершы і паэма, 1978), «Лісты з паходаў» (выбранае, 1980), «Вячэрняя паверка» (вершы, балады, паэмы, 1982), «Парог памяці» (вершы, балады, паэмы, 1983), «Апаленыя вёрсты» (вершы, балада, паэма, 1986), «Водгулле грому» (1989), «Споведзь любові» (выбранае, 1990) і кнігі нарысаў «На новых землях» (з П.Багаценкавым, 1954). Для дзяцей выдаў зборнік вершаў «Сустрэча з маленствам» (1967), «Каляка-маляка» (1981), «Сцяблінка» (1986), паэму «Сын камунара» (1973).
Перакладаў творы паэтаў народаў СССР.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1985) за зборнік «Парог памяці».