Пятро Прыходзька ўспамiнае: «…У жыцці можа быць шмат уражанняў. Чалавек можа многае перажыць, вынасіць у сэрцы. Але ніколі не забудуцца першыя перажыванні, першыя ўражанні ад таго, што ён убачыў, што раскрывалася перад ім упершыню. Пройдуць гады, а тая далёкая пара дзяцінтсва і юнацтва будзе заўсёды кранаць сэрца, адгукацца рэхам у гушчары, прыходзіць рыфмай з гэтым рэхам.
Помню добра, як сёння – першы верш быў напісаны ў роднай вёсцы Альшоў у трыццатым годзе, калі ўжо я закончыў пачатновую школу і перайшоў у суседнюю вёску Ліпаўку, дзе пачаў вучобу ў сямігодцы. Верш называўся “На начлезе”. І быў ён напісаны пад уражаннем першай сустрэчы, як гаворыцца, з жывым паэтам – маім земляком Аркадзем Куляшовым. Ён прыязжаў на пабыўку ў нашу вёску да роднай маці – першай маёй настаўніцы Кацярыны Фамінічны Ратабыльскай і спыняўся ў асобным пакоі школы, дзе жыла наша настаўніца. Мы – чатырохкласнікі – не толькі ўбачылі паэта, але і змаглі падслухаць, як ён складаў верш, ходзячы па пакоі з кутка ў куток, паўтараючы адно слова за другім:
Я пастаўлю коня ў аглоблі,
Закладу я гужы хамута… і г.д.
Прыйшоўшы да дому са школы, і я вырашыў напісаць верш. А пра што пісаць? Куляшоў пісаў пра каня. А ў майго дзеда была аж тройка коней. Я вадзіў іх на начлег разам з дарослымі хлопцамі. І я напісаў верш».
На начлезе
Вось паляна. Коні ходзяць
Ды траву між дрэў скубуць.
Хлопцы вогнішча разводзяць.
Тут размовы гулка йдуць.
Гэй, нясі там торбу з бульбай,
Засыпай яе ў агонь!
Ды варочай кіем доўгім,
Каб не спёк сваю далонь.
Пакуль бульба папячэцца, -
Жарты, песня і гульня.
Сум навошта? Лес смяецца.
Ноч для нас не горш за дня.
Эх, як хораша, як добра
Вадзіць коні на начлег!
А назаўтра рана з лесу
Конь мой рыжы шыбка бег.
Гэты верш быў вельмі дарагі паэту, хаця ён нідзе не друкаваўся да 2005 года.
Першы надрукаваны верш будучы паэт напісаў у 1936 годзе у мясцовай раённай газеце, ён з’явіўся пад назвай “Стаханаўскі май”, тады Пятру Прыходзькі было 16 год.