«ДАР КНЯЗЁЎНЫ». ЯК ПАЭМА НАРАДЗІЛАСЯ

Пятро Прыходзька расказвае пра тое, што спасцігла яго напісаць паэму «Дар князёўны».
Гэта арыгінальны твор, які мае непасрэдныя адносіны да гісторыі заснавання яго роднага Хоцімска.

“Я любіў горад свайго юнацтва. I ўвесь час, працуючы ў газеце, хацеў напісаць яго гісторыю. Адкуль у мястэчка Хоцімск з’явілася такая назва? Калі яна пачала ўпамінацца ў летапісах? Ніхто на гэта пытанне не мог адказаць з маіх землякоў-журналістаў, работнікаў раённых культурных устаноў. Яны ведалі, як і я сам, толькі адно: Хоцімск упамінаецца ў летапісах сярэдзіны 15-га стагоддзя як адно з многіх старажытных паселішчаў з часоў Вялікага княства Літоўскага. Кожнае з іх мае сваю гісторыю. А якую менавіта мае Хоцімск, чаму ў яго такая назва? Для мяне, ды і для многіх маіх землякоў, было гэта загадкай. Можа, яшчэ і таму, што ніхто з нас не займаўся тады навукова-даследчай працай, не звярталі на гэта ўвагі, як і ў іншых мясцовасцях іншыя людзі.

Прайшло шмат гадоў. I вось аднойчы, дзесьці на пачатку 1980 года, дачка народнага паэта Беларусі, майго вялікага земляка Аркадзя Куляшова – Валянціна Аркадзьеўна сказала мне пасля смерці бацькі, што ён хацеў напісаць паэму пра гісторыю Хоцімска, час яго ўзнікнення і што яму былі вядомыя некаторыя гістарычныя матэрыялы на гэту тэму. Я пацікавіўся, што гэта за матэрыялы, і яна параіла мне звярнуцца ў кніжны архіў нашай Беларускай Нацыянальнай бібліятэкі.

Я прыйшоў туды. Мяне шчыра і ветліва сустрэлі ў аддзеле, дзе працавала старэйшая даследчыца Ніна Барысаўна Ватацы, і паказалі мне той матэрыял, якім цікавіўся і Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў. На вялікі жаль, ён не паспеў здзейсніць сваю задуму — напісаць паэму пра Хоцімск, з якім быў звязаны і яго жыццёвы лёс, дзе ён жыў і працаваў некалькі гадоў. Вось я і вырашыў узяцца за тое, чаго не паспеў зрабіць мой славуты зямляк. Праўда, да яго майстэрства мне яшчэ «гнацца і гнацца», як сказаў аднойчы Максім Танк, але раўняцца на цудоўных майстроў слова заўсёды трэба.

I вось перада мной на стале ляжыць тая кніжачка, якая і была ў руках майго земляка-паэта. Гэта — «Віленскі каляндар» за 1910 год, які адным только экзэмплярам захоўваўся ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы, Мне пад распіску далі яго дамоў на некалькі дзён.

Чытаю і перачытваю ў кніжцы на добрай беларускай мове цікавую быліну пад назвай «Божая кара». Пад ёй стаіць подпіс Е.Радзіміч. Зусім невядомы мне аўтар. Але можна было здагадацца (так было і на самай справе), што гэта псеўданім некага з тых, хто пісаў навелы, нарысы, апрацоўваў народныя паданні пра гісторыю сваёй радзімы.

Навела «Божая кара» — апрацоўка аднаго са шматлікіх існуючых паданняў пра ўзнікненне на нашай старажытнай зямлі мноства розных вёсак, гарадоў, паселішчаў. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра тое, адкуль пайшла назва мястэчка Хоцімск — ад імя канкрэтнага чалавека.

У пошуках матэрыялу дапамагаў мне і мой зямляк з в. Трасціно Міхаіл Ласоўскі, за што я яму шчыра ўдзячны.

Змест і форма напісання навелы захапілі мяне ўсяго, як кажуць, «да мозгу касцей». Чым больш я ўнікаў у кожнае слова, напісанае Е. Радзімічам, тым яскравей бачыліся перада мной родныя мясціны, людзі якія жылі на іх яшчэ ў далёкія часы і рабілі дзівосы на сваёй зямлі.

Перад вачыма адразу з прачытанага падання ўзнік яркі, надзвычай прыгожы вобраз — у апісанні аўтара маладой князёўны па імені Хоці, Хацім’я. Аўтар падання сцвярджае, што яна была адзінай дачкой у гомельскага князя Радзькі, маёнтак якога знаходзіўся па-над Сожам. Пра яе, як незвычайную прыгажуню, ведалі ўсе навакольныя князі і княжычы той зямлі, якая на ўсходзе Беларусі, на якой жылі тады славяне-радзімічы. Калі князёўна падрасла і была ўжо на выданні, да князя Радзькі пачалі ўсё часцей наведвацца княжычы з суседніх зямель і прапаноўваць ёй сваю руку. Доўга яна не згаджалася на шлюб ні з водным з маладых княжычаў. Але малады і прыгожы княжыч Лада, які не раз прыязджаў ужо ў госці да князя Радзькі, завалодаў сэрцам яго дачкі-прыгажуні. I далей склаўся лёс так, што яна стала яго жонкай, ён перавёз яе з Сожа ў вярхоўе сваёй роднай Бесядзі і тут пабудаваў маёнтак, назваўшы яго імем сваёй любімай жонкі — маладой княгіні Хоці, Хацім’і. Адсюль і пайшла назва княжыцкага маёнтка,затым мястэчка — Хоцімск.

Здаецца, вельмі просты, незамыславаты сюжэт. Але ў паданні шмат такіх карцін прыроды, такіх фактаў і падзей у жыцці, якія проста самі просяцца на паперу, каб надаць ім яшчэ больш яскравых фарбаў у мастацкім апісанні, у паказе тых вобразаў, якія кранаюць душу, прыводзяць у захапленне паводзінамі людзей, іх звычкамі і манерамі, вядомымі з даўніх часоў існавання нашай роднай Беларусі.

У навеле Е.Радзіміча ёсць адна цікавая дэталь - маладая прыгажуня, князёўна Хоці была незвычайна таленавітай спявачкай, шмат ведала народных песен і спявала іх у карагодзе сваіх сябровак — простых сялянак, з якімі вельмі моцна сябравала. На новым месцы жыхарства, як жонка князя Лады, Хацім'я стала сапраўднай гаспадыняй, моцна падружылася з новымі землякамі і зямлячкамі. Яе палюбіў народ за шчырасць, сардэчнасць і талент цудоўнай спявачкі. Несучы людзям плён сваёй працы і песні, якія палюбіла з маленства, запомніла ад роднай маці, якая пачала са згоды мужа займацца практычнай дзейнасцю, Па яс задумцы ў той мясцовасці, дзе былі раней адзін млынок,ганчарня ды царквушка, яна пабудавала новы праваслаўны храм, а ў ім стварыла цудоўны царкоўны хор. Хіба ж гэта не тэма для мастацкага твора?

«Дар князёўны»

Вось такое паданне, якое было апрацавана і надрукавана ў «Віленскім календары» за 1910 год, і стала матэрыялам для напісання мною новай паэмы. Па сутнасці ўпершыню ў сваёй творчасці ўзяўся я за гістарычную тэму. Сам змест і фабула, закладзеныя ў паданні, надалі мне не толькі натхненне, але і ўпэўненасць у тым, што можа атрымацца цікавы твор. Да таго ж падсвядома дзесьці ў сваёй душы я адчуваў грамадзянскі абавязак — зрабіць тое, чаго не паспеў здзейсніць у сваіх творчых задумках мой дарагі зямляк Аркадзь Куляшоў.

Так вось нарадзілася паэма «Дар князёўны». Гэта арыгінальны твор, які мае непасрэдныя адносіны да гісторыі заснавання майго роднага Хоцімска. У творы захаваны імёны, прозвішчы герояў, якія падаюцца ў навеле «Божая кара», апісанне той мясцовасці, на якой разгортваліся падзеі. Ва ўсім я прытрымліваўся думак і занатовак летапісца. Але ў апісанні канкрэтных жыццёвых падзей, адносін, якія складваліся паміж людзьмі, пераносячыся з нашых дзён у тыя далёкія часы, я, безумоўна, не абышоўся без мастацкага вымыслу, свайго вобразнага асэнсавання і сваёй інтэрпрэтацыі. Але я не мог не захаваць таго замілавання прыгажосцю роднай прыроды, зямлі, на якой жылі нашы продкі, якая дасталася нам у спадчыну. Усё гэта наша, хоць далёкая, але блізкая сэрцу гісторыя.

Праца над гэтым: творам працягвалася некалькі гадоў. Але назва яго выкрышталізавалася з першых напісаных радкоў – «Дар князёўны»”.

Але аднойчы Хацім’я спытала:

– Чаму царква ў нас у зямлю ўрасла?

Сказала: — Мала пра сябе мы дбаем,

Глядзім на свет, як козы на траву, —

Прасіла мужа, каб над родным краем

Узняць вышэй найлепшую царкву,

I вось, калі ўжо восень наступіла,

У вёску з вёскі раптам слых пайшоў,

Што Хацім'я на працу запрасіла

I муляраў, і цесляў з мужыкоў.

Яшчэ, сказалі, самых галасістых

У хор сабрала хлопцаў і дзяўчат.

Навокал гарадка, дзе парк квяцісты,

Наведала нямала бедных хат.

Жадае, каб у будні і ў нядзелі

Народ паслухаць мог царкоўны хор,

Жанок далей ад кроснаў і кудзеляў

Жыццё само пакліча на прастор.

Усім у доказ Хацім’я казала:

— Мы ж хрысціяне.

Для любых часін

Адной царквушкі для павета мала, —

Патрэбна мець яшчэ прыход адзін.

Не толькі муж — усе ў пасёлку людзі

Ўспрынялі кліч княгіні маладой.

Былі ўсе радыя таму, што будзе

Ў царкве прычасце са святой вадой...

Усіх сяльчан праз горыч і нянасце

Яна сама ўжо да царквы вяла,

Усім у сэрцы несла веру ў шчасце,

Каб людзям мець больш ласкі і цяпла.

Муж прыгадаў як зваў князёўну Хоцяй,

Калі над Сожам быў вяселля дзень.

Цяпер яна ў дом свой не ў самоце

3 ім побач па-над Бесяддзю ідзе.

Яна тут першай запаліла свечку,

Увайшоўшы ў свой пабудаваны храм.

Ды трэба ж назву даць было мястэчку,

Дзе столькі розных шыльдаў, крам і брам.

Як лепшы дар для роднае старонкі

Змагла князёўна храм пабудаваць,

I муж рашыў — каб імем любай жонкі

Сваё мястэчка Хоцімскам назваць?

Вобраз маладой князёўны Хацімы.
Малюнак Аляксандра Каржова

Прайшлі гады. У новыя ўжо былі

Ўступаюць людзі на сваёй зямлі.

I ў Хоцімску мы храм той аднавілі,

Які нам продкі збудаваць змаглі.

Ён і Яна з далёкага стагоддзя

Былінай гэтаю да нас дайшлі.

Дык хай жыццё красуецца ў прыродзе

Усюды на прыбесядскай зямлі!

Свята-Троіцкая царква ў Хоцімску.
Фотаздымак Аляксандра Каржова